turismlida.by

Агульныя звесткі

Сардэчна вітаем ў Лідзе!

Горад Ліда – адзін са старажытных гарадоў Беларусі.
Датай заснавання г. Ліда прынята лічыць 1323 г. – пачатак будаўніцтва замка, вакол якога ў выніку вырас горад. Заснавальнікам з’яўляецца вялікі князь літоўскі і рускі Гедымін.
Замак уваходзіў у сістэму абароны супраць крыжакоў: Навагрудак-Ліда-Крэва-Меднікі-Трокі. Будаваўся на насыпным пясчаным узгорку, абкружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка. У выпадку вайны замак мог схаваць мясцовых жыхароў і іх скарб за сваімі сценамі. Таўшчыня сцен даходзіла да 2-х метраў і вышынёй да 12-ці. За сваю гісторыю замак меў мноства валадароў: літоўскія князі Кейстут, Альгерд, Ягайла, Вітаўт, князь Карыбут і іх стаўленікі Вайдыла, хан Тахтамыш, Ач-Гірэй, Юры Іллініч, Радзівілы, Радзімінскія, Сцыпіёны де Кампа і інш.
У 1590 г. гараджане атрымалі магдэбургскае права і герб “Леў і два ключы, скрыжаваныя над ім”. Органам самакіравання стала рада ў складзе бургамістра, радцаў і лаўнікаў. Жыхары гарадоў, якія атрымалі Магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ад суда і ўлады ваявод, стараст і іншых дзяржаўных чыноўнікаў. На аснове Магдэбургскага права ў горадзе ствараўся выбарчы орган самакіравання – магістрат, які ўзначальваў войт.
Як горад, так і замак часта рабіліся арэнай жорсткіх баёў паміж розных сілаў. Пачынаючы з тэўтонскіх рыцараў (1384, 1392, 1394), вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам (1654-1667), Паўночнай вайны (1700-1721) і заканчваючы Першай (1914-1918) і Другой сусветнай вайны (1939-1945).
Пасля раздзелу Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) паміж Прускім каралеўствам, Расійскай імперыяй і Аўстрыйскай манархіяй, горад Ліда ўключаны ў склад Расіі. З другой паловы XIX стагоддзя горад пачынае інтэнсіўна развівацца. 30 снежня 1884 г. адкрыты рух па чыгунцы Вільня-Ліда-Лунінец. У канцы XIX стагоддзя ў горадзе працавала 10 фабрык і заводаў: дзве тытунёвых, адна коркавая, дзве гільзавых, два бровара, тры – шыпучых вод, друкарня. Жывёлабойня, 4 скураных завода, 3 бальніцы на 45 коек: гарадская,яўрэйскія і астрожнвя. Аптэка, 2 лазні. На Лідзейцы вадзяны млын. Да пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе ўжо дзейнічала 14 прадпрыемстваў. Насельніцтва – звыш 15 тысяч чалавек.
У час Другой сусветная вайны горад панёс вялікі ўрон. За гады акупацыі было забіта каля 11 тысяч жыхароў і вынішчаны практычна ўвесь горад.
З сярэдзіны 1950- х горад актыўна развіваецца. Будуюцца новыя заводы, фабрыкі: (Лідсельмаш, Аграпраммаш, завод “Оптык”, Лідскіе харчовыя канцэнтраты, Лакафарбавы завод, Хлебазавод і інш. Да 1989 года насельніцтва павялічваецца да 91 тысячы чаоавек.
Зараз Ліда – буйны прамысловы цэнтр. Асартымент выпускаемай прадукцыі разнастайны: сельгасмашыны, мука, мясныя, малочныя прадукты, харчовыя канцэнтраты, крышталь, шкловалакно, оптыка, лакафарбавая прадукцыя, фталевы ангідтыт і іншае.
Прадукцыя лідскіх прадпрыемстваў экспартуецца амаль у 50 краін света.
Па стану на 01.01.2020 г. у горазде пражывае 102 702 чалавекі 60-ці нацыянальнасцей. 51,4 % насельніцтва складаюць беларусы, палякі – 35,3 %, рускія – 9,4 %, украінцы – 1,7 %. Пражываюць літоўцы, татары, яўрэі, немцы, армяне, азербайджанцы…

На нашым сайце вы знойдзеце інфармацыю аб выдатных мясцінах, забавах і сферы паслуг Лідчыны.