Лідскі замак
Лідскі замак
Каменны замак у Лідзе пабудаваны па загаду Вялікага князя літоўскага, рускага, жмойтскага Гедыміна (1316-41). Будавалі у 1323-28 гг. палонныя з Валыні і Кіева. У 1323 г. Гедымін накіраваў Папе Іаану ХХІІ ліст, у якім выказаў гатоўнасць прыняць хрысціянства за цану міру з крыжакамі. Папа забараніў крыжакам паходы на літоўскае княства, было складзена чатырохгадовае перамір’е. У 1325 г. Гедымін выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра – сына польскага караля Уладзіслава Лакетка. У 1326 г. літоўскія паслы заключылі мір з Ноўгарадам. Ва ўмовах міру з суседзямі князь Гедымін узвёў Лідскі замак і умацаванні ў Вільні.
Сваё прызначэнне замак выканаў часткова: адбіўся ад нападу атрада смаленскага князя Юрыя Святаслававіча (05.08.1406), ад войскаў князя Свідрыгайлы ў жніўні 1433 г., але здаўся без бою крыжакам у студзені 1392 г. і войскам Івана Хаванскага ў снежні 1659 г. Пасля 1659 г. у абарончых мэтах замак не выкарыстоўваўся.
У замку адбываліся падзеі вялікай значнасці. Тут у 1386 г. прынёс прысягу Вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Ягайлу полацкі князь Скіргайла. Тут у 1422 г. праходзіў знакаміты вясельны пір караля Уладзіслава Ягайлы і князёўны Соф’і Гальшанскай. Тут у ліпені 1506 г. падпісаў перадсмяротнае завяшчанне кароль Аляксандр у прысутнасці літоўскіх магнатаў, сваёй жонкі Алены Іаанаўны – дачкі вялікага маскоўскага князя Івана ІІІ. Адсюль адыходзіла на пераможную Клецкую бітву шляхетнае апалчэнне.
У ХІХ стагоддзі ў руінах замка паказвалі кінастужкі, залівалі лёд, праводзілі набажэнства, уладкоўвалі спартыўныя спаборніцтвы. У ліпені 1941 г. ў замку быў лагер савецкіх ваеннапалонных. Пасля вайны ўнутраны двор замка выкарыстоўваўся як спартыўны стадыён. З 2004 г. замак дзейничае як турыстычны аб’ект.