turismlida.by

Раённае свята «Провады зімы»

Раённае свята «Провады зімы» – выдатная нагода сабрацца жыхарам горада ў самым сэрцы Ліды – Лідскім замку, каб праводзіць халодную зіму і сустрэць доўгачаканую цёплую прыгажуню-вясну.

На галоўнай сцэне свята пачнецца з тэатралізаванага прадстаўлення. Выступяць творчыя калектывы і сольныя выканаўцы Лідчыны. Не абыдзецца і без канцэрта прыезджых гасцей – прафесійных творчых калектываў – фольк-шоу «ЗАБАБОНЫ» з горада Мінска і народнага ансамбля народнай песні і музыкі «УЛАДАРЫ» з Ваўкавыска.

Яскравым момантам мерапрыемства стане парад-конкурс аўтамабіляў «Аўта-печка 2021», дзе арганізацыі і прадпрыемствы горада прадставяць свае творчыя аўтаплатвормы, дэкараваныя ў стылі провадаў зімы. Госці свята змогуць пракаціцца на аўта-печках і зрабіць шмат здымкаў на фоне яркіх дэкарацый!

Каля сцен замка кожны зможа прайсціся ўздоўж алеі масленічных лялек і знойдзе сабе занятак: будуць працаваць фольк-пляцоўка «Этна-кола» з беларускімі танцамі, майстар-класамі, выставай-кірмашом, горад майстроў, атракцыёны.

А хто хоча пачаставацца блінамі і цёплай гарбатай – сардэчна запрашаем у гандлевыя рады. Падсілкаваўшыся гарачымі блінамі і смачнай выпечкай, самыя спрытныя і смелыя змогуць паспрабаваць свае сілы на спартыўнай пляцоўцы ў розных конкурсах і спаборніцтвах. Скончыцца свята традыцыйна і па ўсіх канонах – вясновым карагодам і спальваннем пудзіла зімы, якое, дарэчы, у гэтым годзе будзе выглядаць вельмі незывайна, але гэта пакуль што сюрпрыз!

Чакаем лідчан 28 лютага а 12-й гадзіне каля сцен Лідскага замка на раённым свяце “Провады зімы”!