turismlida.by

Недарэмна вёска наша цэніцца: шчырасцю – гасцінны беларус! Чарговы раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні» адбыўся у аграгарадку Беліца

Цудоўную, багатую спадчыну мае лідская зямля. Яна стваралася нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца. І мерапрыемства “Спазнай смак сваёй кухні”, якое адбылося ў мінулую нядзелю, дапамагло ўявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, даведацца аб звычаях і абрадах беларусаў, звязаных з харчаваннем.

Кожны дзень мы карыстаемся гэтай спадчынай, нават не задумваючыся аб гэтым. А ці заўсёды былі на нашым стале хлеб, каша, бульба і іншыя стравы?

Сустракалі гасцей свята работнікі Беліцкага Дома культуры бліннай дэгустацыяй. Падсілкаваўшыся, можна было зрабіць здымкі на памяць каля фотазоны, прыняць удзел у майстар-класах па лепцы з салёнага цеста і побытавых танцах. Тут жа мясцовыя рамеснікі прапаноўвалі купіць свае вырабы.

– Думаю мясцовым жахарам будзе цікава даведацца, што больш за 250 гадоў назад кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы, – расказвае метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Ірына Струмскіс. – Яе рэзалі на невялікія кавалкі, палівалі соусам і елі лыжкай. Новая страва стала вядомай пад назвай верашчака (у гонар яе вынаходніка). Беларусы часцей ядуць яе з блінамі, мачаюць і таму называюць мачанкай. Быў у Беліцы і свой славуты кухар Пятро Мышыц, справу якога адзначаў сам кароль Рэчы Паспалітай, а таксама знакамітыя Радзівілы. Таму нездарма на гэтай зямлі, у гэтай установе культуры сёння будуць прэзентавацца стравы нацыянальнай кухні, якія прыгатаваныя супрацоўнікамі філіялаў Лідскага раённага цэнра культуры і народнай творчасці.
Візітоўкі мясных страў суправаджаліся вясёлымі прыпеўкамі, загадкамі і пералівамі гармонікаў. Першымі выступалі гаспадары свята. Беліцкі Дом культуры прапанаваў пачаставацца мясным рулетам “Спшэнжына”. Хаця на працягу многіх стагоддзяў беларусы не ўжывалі шмат мяса ў сваім рацыёне (яго месца займала, як і ва ўкраінскай кухні, сала), з таго часу ў нацыянальнай кухні захаваліся такія стравы, як мачанка, верашчака, смажанка, хатнія каўбаскі.

Рачную рыбу беларусы таксама актыўна ўжывалі, аб чым сведчаць народныя рэцэпты. Самымi папулярнымi былi шчупак, лешч, вугор, карп, акунь, судак. З рыбы гатавалі суп, клёцкі. Дарэчы, беліцкай юшкай кожны ўдзельнік мерапрыемства меў магчымасць пачаставацца на першым паверсе ўстановы. Рыбныя стравы, а дакладней, шчупака фаршыраванага і запечанага ляшча рэкламавалі Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр і Пескаўскі Дом культуры.

Шмат добрых слоў гучала ў той дзень пра беларускія стравы. Але ж невыпадкова беларусаў называюць "бульбашамі". Вялікая іх колькасць была прыгатвана з “другога хлеба”.
Памятаеце, як у дзяцінстве, летам у вёсцы, раніцай прачынаешся і чуеш, як дровы ў печы патрэскваюць і да цябе даносіцца духмянасць бабуліных дранікаў? – заўважыла загадчыца Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай. – Кожны чалавек нябачнай тонкай нітачкай звязаны з тым куточкам, дзе прайшло яго шчаслівае дзяцінства. І не важна, нарадзіўся ён тут, жыў, гасцяваў ці проста адпачываў, – у яго сэрцы заўсёды будзе цепліцца агеньчык надзеі зноў вярнуцца туды і перажыць гэтыя непаўторныя імгненні. Дранікі – самая любімая страва беларусаў. І хоць іх гатуюць у розных краінах свету, але ў кожнай існуюць асаблівыя кулінарныя сакрэты.

Па словах гаспадынькі, аснова традыцыйных беларускіх дранікаў – бульба, цыбуля, соль і алей для смажання. І гэтага цалкам дастаткова, калі гатаваць страву са смачнай беларускай бульбы з высокай колькасцю крухмалу ў складзе. Але можна і пафантазіраваць. Напрыклад, на свой густ крыху змяніць класічны рэцэпт дранікаў, дабавіўшы ў цеста яйкі, муку, спецыі.

– За апетытнай хрумсткай скарыначкай можа хавацца не толькі пяшчотная бульба, але і сыр, каўбаскі, грыбы і фарш, – гаворыць Ганна. – Дарэчы, на свята ў дадатак да дранікаў мы прывезлі і тыя стравы, якія найлепшым чынам дапаўнялі іх: лустачкі салёнага сала, свойскую падсмажаную каўбаску, свежае сальца, падсмажанае з цыбулькай, грыбочкі, прыпраўленыя апетытнай цыбулькай з алеем і… наш мясцовы сакрэт. Яго перадала мне мая бабуля. Для таго каб цеста дранікаў не цямнела, многія гаспадынькі дабаўляюць у яго цыбульку. У нашай жа мясцовасці (хочаце – верце, хочаце – не) клалі менавіта свойскі тварог. Не дадавалі муку: яна магла зрабіць дранікі "гумовымі" і нясмачнымі. Калі цеста атрымліваецца занадта вадкім, лепш дабавіць трохі крухмалу (можна выкарыстоўваць пакупны, а можна ўзяць той крухмал, які асядзе на дно ёмістасці з бульбяным сокам). Дранікі абавязкова атрымаюцца светленькія, пяшчотныя на смак, проста раствараюцца ў роце. Гэтую традыцыю мы перадаём з пакалення ў пакаленне.
Пра асаблівасці выпякання дранікаў у сваёй мясцовасці таксама расказалі прадстаўнікі Ганчарскага Дома культуры, Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу, Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра і Ходараўскага сельскага клуба-бібліятэкі. Страў было шмат. Не дзіва, што сярэднестатыстычны беларус з'ядае каля паўкілаграма бульбы штодня! А вось гаспадынькі з філіяла “Ваверскі Дом культуры” звярнуліся да прыроднага багацця нашай мясцовасці. Ва ўсім свеце ведаюць ягадна-раслінныя чаі: ліпавы, малінавы, рамонкавы, мятны, іван-чай – усіх не пералічыць, і ўсе яны сапраўдныя прыродныя валанцёры. А мне пашчасціла паспрабаваць (не здзіўляйцеся!) цудоўны і вельмі карысны хвойны напой.

– Нам, жыхарам ваверскага куточка, вельмі пашанцавала, – заўважыла культарганізатар Ганна Табала. – Хоць на нашай зямлі не расце чайны куст, затое ў лясах і лугах, што акружаюць аграгарадок з усіх бакоў, можна знайсці вельмі шмат карысных ягад і траў: маліны і чарніцы, мяту і рамонак, чабор і шыпшыну – усе яны нясуць з сабою не толькі водар лесу і лугу, але і поўны набор вітамінаў. У нашай мясцовасці ягадна-травяныя чаі вельмі распаўсюджаныя. І сёння мы запрашаем чытачоў “Лідскай газеты” пачаставацца хвойным чаем, які з’яўляецца выдатным сродкам пры авітамінозе. Рэцэпт прыгатавання вельмі просты: у каструлю аб’ёмам 0,5 літра наліваем ваду і перад закіпаннем кідаем хвою маладой сасны ці елкі. Варым 15-20 хвілін, даліваючы ваду, затым працэджваем вадкасць праз марлю, дабаўляем сушаныя ягады чарніц, лісты мяты, чорнай парэчкі, мёд і пакідаем у накрытых кубках яшчэ на 3-5 хвілін. Што тут яшчэ сказаць? Прыемнага апетыту!

Кажуць, што ў добрай кухаркі на стале скваркі, а ў дрэннай – прыгаркі. А яшчэ мне падабаюцца такія словы: ці з перцам, ці не з перцам – абы было са шчырым сэрцам. Журы падвяло вынікі і сказала нам, у каго аказаліся скваркі, а ў каго – прыгаркі, хто рыхтаваў стравы з перцам, а хто – са шчырым сэрцам. Доўгачаканы момант – падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў – настаў. І калі для мяне ўсё было відавочна (усім – першыя месцы), то ў ацэнцы страў меркаванні журы разышліся. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым фестывалі-конкурсе «Спазнай смак сваёй кухні» дасталося філіялу «Першамайскі Дом культуры», другое – філіялу «Ганчарскі Дом культуры», трэцяе – філіялу «Дварышчанскі Дом культуры».