turismlida.by

Завіталі да Таўлая ў Сусветны дзень пісьменніка

Напэўна жыхары горада ведаюць, што ў Лідзе ёсць Дом паэта? Так, і размяшчаецца ён па вуліцы Замкавая,7. Цікава: а каму ён належыў? Бяспрэчна, паэту, які пакінуў важкі след у гісторыі беларускай літаратуры. У гэтым будынку з верасня 1939 па чэрвень 1941 года жыў заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай. Як і пры жыцці паэта, так і цяпер, у гэтым доме збіраюцца творчыя асобы. Наведваюць яго і турысты. Тут праходзяць мерапрыемствы літаратурнага характару.

3 сакавіка ў Сусветны дзень пісьменніка ў мемарыяльным пакоі Дома Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея сабраліся вучні СШ 1. Тут упершыню быў арганізаваны агляд калекцыі “Дакументы” – “Новае пра Таўлая”. У большасці гэта копіі дакументаў, якія былі адшуканы за апошнія гады ў літаратурных музеях і бібліятэках Беларусі: рукапісы, машынапісы з рознымі рэдактарскімі праўкамі паэта, друкаваныя выданні, фотаздымкі, мастацкія работы і інш.

Куратар Дома-музея навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун распавёў пра гісторыю будынка (у верасні 2020 года як музею, споўнілася 10 год з дня адкрыцця), пра дзейнасць паэта, частка жыцця якога была праведзена ў Лідзе, падзяліўся гістарычнымі фактамі, якія раскрываюць сувязь творцы з нашым горадам. Так, у нашым прынёманскім горадзе Валянцін Таўлай нарадзіўся як паэт у свае 8 гадоў, навучаючыся ў польскай школе № 5 імя Людвіка Нарбута. Дарэчы, у бягучым годзе споўніцца 100 гадоў, калі бацька-чыгуначнік правёз будучага паэта ў Ліду ў школу. Наступны, 2022-і, таксама стане юбілейным – першаму напісанаму вершу “Wrоbelki” (“Верабейкі”) споўніцца 100 гадоў. З гэтай нагоды супрацоўнікамі Дома-музея запушчаны праектакцыя “Вядзе рэй верабей”.

– У кожнага музея насамрэч ёсць свая пэўная сімволіка, – распавядае Алесь. – Яна непасрэдна звязана з творчай дзейнасцю той ці іншай асобы. Умоўным сімвалам Дома-музея з’яўляецца менавіта верабей. Птушка, між іншым, для ўсіх нас вядомая. Яе вобраз выкарыстоўваюць у розных творчых ідэях. І па-гэтаму, супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая вырашылі сабраць комплекс матэрыялаў і прадметаў пра вераб’я. Гэта могуць быць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (саломапляценне, арыгамі, вышыўка, работы па дрэве і тканіне і г.д.), работы выяўленчага мастацтва (малюнкі, карціны), мастацкія творы (вершы, апавяданні) і іншае… Адметнай каштоўнасцю тут стануць матэрыялы (прадметы), якія захоўваюць аўтарства. І пагэтаму, мы хочам каб нас пачулі творчыя асобы і такім чынам падтрымалі нас у гэтай справе. Нам ужо паступілі першыя работы, гэта значыць, збор пайшоў. Сабраныя за год прадметы зоймуць годнае месца ў экспазіцыі.
У тым, што гэтая ідэя ажыццявіцца, можна не спрачацца. Неабыякавае стаўленне да дзейнасці В. Таўлая праяўляецца ў Алеся Хітруна ўжо не першы год.

– Бясспрэчна, ушанаваннем творчай і жыццёвай дзейнасці паэта-рэвалюцыянера займаліся і ў іншых музеях Гарадзеншчыны, напрыклад, у краязнаўчых і школьных музеях Слоніма, у Баранавічах, – дзеліцца з прысутнымі куратар Дома Таўлая. – У сваіх фондах яны захоўваюць некаторыя матэрыялы. Так, за апошнія гады працы Дома-музея была сабрана даволі значная частка матэрыялаў, якія раскрываюць дзейнасць Валянціна Таўлая. З намі дзеляцца калегі з Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея, з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, вельмі шмат матэрыялаў паэта захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у фондах Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі адкуль таксама была перададзена частка архіва. Дзеляцца з намі і краязнаўцы, як напрыклад, Сяргей Чыгрын са Слоніма. Перадала архіў свайго знакамітага дзеда – пісьменніка Пятруся Граніта, які сябраваў з Таўлаем, унучка Людміла Яновіч. У мінулым годзе, з Гародні, сын бацькі-партызана атрада “Буравеснік” Мікалая Грабёнкіна перадаў рэчы, якімі карыстаўся паэт. Валянцін Таўлай, як вядома, любіў і народную музыку, сябраваў з кампазітарамі, як з Рыгорам Шырмам, Генадзем Цітовічам, Міхалам Забэйда-Суміцкім. Сучасны кампазітар Леанід Шурман паклаў нямала песень на вершы Валянціна Таўлая, якія таксама захоўваюцца ў нас. Было бы за шчасце, каб гэтыя музычныя творы загучалі ў сценах Дома паэта. Валянцін Таўлай прадстаўлены і на карцінах вядомых мастакоў Беларусі. Як, напрыклад, у рабоце мастака, паэта Венанцыя Бутрыма з Баранавіч – “Партрэт В. Таўлая”, карціна Рамана Семашкевіча “Партрэт Таўлая” (напісаны ў 1930-я гады), Уладзіміра Сахненкі “Вобраз Таўлая”, адна з апошніх – за 2005 год – карціна Уладзіміра Стальмашонка “Супрацоўнікам часопіса “Калосьсе” прысвячаецца”. За дзень да мерапрыемства, мы атрымалі ад калег з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы копію палатна за 1942 год “А ты, сіраціна, жыві…” па творы Янкі Купалы аўтара Пётры Сергіевіча. Гэтая работа першапачаткова была задумана пад назвай “На працу”. Але пабачыўшы яе яшчэ ў майстэрні, Валянцін Таўлай зазначыў, што па прадстаўленым настроі, яна ідэальна адпавядае раннім творам Купалы. Мастак пагадзіўся з меркаваннем Таўлая і ў 1944 годзе, на адкрыццё Купалаўскага музея ён падараваў яе гэтай установе.
Архівы Валянціна Таўлая захоўваюцца ў шматлікіх музеях і бібліятэках Беларусі і за яе межамі. Як упэўнены Алесь Хітрун, з цягам часу ўвесь гэты матэрыял будзе вывучаны і даследаваны, а таксама даступны наведвальнікам.